БАРГУЗІ́НСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,

у Бураціі, на паўн.-ўсх. узбярэжжы воз. Байкал і зах. схілах Баргузінскага хр. (выш. да 3000 м). Засн. ў 1916 у мэтах аховы прыроднага комплексу горнай байкальскай тайгі, захавання баргузінскага собаля. Пл. больш за 263 тыс. га (у тым ліку 15 тыс. га займае трохкіламетровая паласа акваторыі воз. Байкал).

Добра выяўлены вышынныя паясы расліннасці. Пераважае цемнахвойная тайга (піхта, кедр, з дамешкамі лістоўніцы і хвоі). Усяго ў флоры запаведніка больш за 600 відаў раслін. У фауне 39 відаў млекакормячых, 243 — птушак, 4 — рэптылій і 2 — амфібій. Шматлікія баргузінскі собаль і эндэмічная байкальская нерпа; звычайныя вавёрка, буры мядзведзь, лось, таежны паўночны алень; трапляюцца выдра, каланок, расамаха, гарнастай; з птушак — каменны глушэц, рабчык, арлан-белахвост, трохпальцавы дзяцел, кедраўка, сойка, пеначкі, бурагаловая гаічка, попаўзень і інш.

т. 2, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)